У рамках цырымоніі Пасол Ігар Сокал уручыў ганаровыя граматы Пасольства прадстаўнікам вёскі, дзякуючы якім адбылася гэтая важная падзея.
У вёсцы Вялікая Севярынка глыбока шануюць памяць пра Васіля Быкава.
Падчас Кіраваградскай аперацыі лейтэнант В.Быкаў камандаваў узводам 339-га стралковага палка 11-й стралковай дывізіі і прымаў удзел у крывавых студзеньскіх баях 1944 года пад Кіраваградам, дзе, як адзначаў ён сам, «загінуў амаль увесь яго батальён, магчыма, нават і ўвесь полк».
У баях за в.Вялікая Севярынка В.Быкаў быў цяжка паранены. Памылкова ён быў запісаны як загінулы і значыўся пахаваным у братняй магіле ў вёсцы. Пра гэта паведамілі яго родным.
Праз 20 гадоў пасля вайны В.Быкаў прыехаў на месца крывавых баёў каля в.Вялікая Севярынка і доўга сядзеў каля абеліска, дзе сярод загінулых было выбіта яго імя. Падзеі пасля ранення пад В.Севярынкай паслужылі асновай ягонай аповесьці “Мёртвым не баліць”.
У гэтым украінскім сяле, дзякуючы ініцыятыве былой настаўніцы сельскай школы Сергіенкі Лізаветы Дзмітрыеўны (1937 – 2019), кіраўніцтву вёскі і школы, ёсць вуліца імя Васіля Быкава, Музей яго імя ў Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школе, «Куток В.Быкава» ў сельскай бібліятэцы. А сёння ў вёсцы з'явілася мемарыяльная дошка Васілю Быкаву.
Вельмі сімвалічна, што адкрыццё дошкі адбылося напярэдадні Дня абаронцы Украіны.
Васіль Быкаў праліў кроў, вызваляючы ўкраінскую зямлю, і лічыў вёску Вялікая Севярынка сваёй другой радзімай.
У ходзе візіту адбыліся перамовы Пасла І.Сокола і Старшыні Вялікасевярынкаўскай тэрытарыяльнай аб'яднанай грамады С.Леўчанкі.
Ігар Сокал наведаў Музей імя В.Быкава ў школе, «Куток В.Быкава» ў сельскай бібліятэцы, перадаў кнігі беларускага пісьменніка і іншую дакументальную і мастацкую беларускую літаратуру.
Адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Музеем Васіля Быкава Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школы I-III ступеняў, якое дазволіць бакам садзейнічаць узаемнаму папаўненню музейных фондаў з экзэмпляраў літаратурнай спадчыны, асабістых архіваў і рэчаў беларускага пісьменніка В.Быкава, іншых тэматычных матэрыялаў, для захавання і папулярызацыі творчасці і памяці пра яго ў Беларусі і Украіне.
У ходзе названага візіту Пасол Беларусі І.Сокал напярэдадні Дня абаронцы Украіны ўсклаў кветкі каля Помніка пагранічнікам у горадзе Корсунь-Шаўчэнкаўскі. Помнік размешчаны на ўездзе ў горад з боку г.Гарадзішча і ўсталяваны ў гонар усіх, хто прысвяціў сябе пагранічнай службе ў савецкі час і ў часы незалежнасці Украіны.