:
BE

Аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі Васілю Быкаву ў вёсцы Вялікая Севярынка

14.10.2020 г.

13 кастрычніка 2020 года Пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал наведаў Вялікасевярынкаўскую аб'яднаную тэрытарыяльную грамаду Кіраваградскай вобласці, дзе прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі народнаму пісьменніку Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, аднаму з вызваліцеляў вёскі Вялікая Севярынка Васілю Быкаву.

 
 
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Кіраўнік Вялікасевярынкаўскай аб'яднанай тэрытарыяльнай грамады Сяргей Леўчанка, Старшыня Кіраваградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Васіль Бондар, ініцыятар адкрыцця мемарыяльнай дошкі Мікалай Сергіенка, загадчык Музея імя Васіля Быкава Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школы Галіна Губенка, прадстаўнікі кіраўніцтва школы і навучэнцы.
 
 
У рамках цырымоніі Пасол Ігар Сокал уручыў ганаровыя граматы Пасольства прадстаўнікам вёскі, дзякуючы якім адбылася гэтая важная падзея.
 
У вёсцы Вялікая Севярынка глыбока шануюць памяць пра Васіля Быкава.
 
Падчас Кіраваградскай аперацыі лейтэнант В.Быкаў камандаваў узводам 339-га стралковага палка 11-й стралковай дывізіі і прымаў удзел у крывавых студзеньскіх баях 1944 года пад Кіраваградам, дзе, як адзначаў ён сам, «загінуў амаль увесь яго батальён, магчыма, нават і ўвесь полк».
 
У баях за в.Вялікая Севярынка В.Быкаў быў цяжка паранены. Памылкова ён быў запісаны як загінулы і значыўся пахаваным у братняй магіле ў вёсцы. Пра гэта паведамілі яго родным.
 
Праз 20 гадоў пасля вайны В.Быкаў прыехаў на месца крывавых баёў каля в.Вялікая Севярынка і доўга сядзеў каля абеліска, дзе сярод загінулых было выбіта яго імя. Падзеі пасля ранення пад В.Севярынкай паслужылі асновай ягонай аповесьці “Мёртвым не баліць”.
 
У гэтым украінскім сяле, дзякуючы ініцыятыве былой настаўніцы сельскай школы Сергіенкі Лізаветы Дзмітрыеўны (1937 – 2019), кіраўніцтву вёскі і школы, ёсць вуліца імя Васіля Быкава, Музей яго імя ў Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школе, «Куток В.Быкава» ў сельскай бібліятэцы. А сёння ў вёсцы з'явілася мемарыяльная дошка Васілю Быкаву.
 
 
Вельмі сімвалічна, што адкрыццё дошкі адбылося напярэдадні Дня абаронцы Украіны.
Васіль Быкаў праліў кроў, вызваляючы ўкраінскую зямлю, і лічыў вёску Вялікая Севярынка сваёй другой радзімай.
 
У ходзе візіту адбыліся перамовы Пасла І.Сокола і Старшыні Вялікасевярынкаўскай тэрытарыяльнай аб'яднанай грамады С.Леўчанкі.
 
 
Ігар Сокал наведаў Музей імя В.Быкава ў школе, «Куток В.Быкава» ў сельскай бібліятэцы, перадаў кнігі беларускага пісьменніка і іншую дакументальную і мастацкую беларускую літаратуру.
 
 
Адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Музеем Васіля Быкава Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школы I-III ступеняў, якое дазволіць бакам садзейнічаць узаемнаму папаўненню музейных фондаў з экзэмпляраў літаратурнай спадчыны, асабістых архіваў і рэчаў беларускага пісьменніка В.Быкава, іншых тэматычных матэрыялаў, для захавання і папулярызацыі творчасці і памяці пра яго ў Беларусі і Украіне.
 
У ходзе названага візіту Пасол Беларусі І.Сокал напярэдадні Дня абаронцы Украіны ўсклаў кветкі каля Помніка пагранічнікам у горадзе Корсунь-Шаўчэнкаўскі. Помнік размешчаны на ўездзе ў горад з боку г.Гарадзішча і ўсталяваны ў гонар усіх, хто прысвяціў сябе пагранічнай службе ў савецкі час і ў часы незалежнасці Украіны.
 

 

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Азія
Азербайджан - Баку (Пасольства)
Перайсці